irish lace,

Статья в газете Копыльского района и на сайте www.kopyl.by

Ирландские кружева Ольги Старостиной

Капылянка Вольга Старасціна (на здымку) за апошні час стала вельмі знакамітай: пра яе шмат напісана ў часопісах і газетах, да таго ж яна была гераіняй не аднаго тэлесюжэта. І гэта не дзіва: Вольга Старасціна — адзіная ў Беларусі майстрыха, якая афіцыйна працуе ў старажытнай тэхніцы «ірландскія карункі» (руск. — кружева).

Але пасля знаёмства з гэтай маладой і прыгожай майстрыхай  хацелася б крыху па-іншаму расставіць акцэнты. Вольга — жанчына, якая ў цяжкі момант свайго жыцця рашуча яго змяніла.

Вольга Старасціна — з дынастыі педагогаў, таму спачатку і пайшла па слядах сваіх бацькоў. Па першай педагагічнай адукацыі яна — кіраўнік дзіцячага харавога калектыву і настаўнік пачатковых класаў, па другой — настаўнік геаграфіі. Выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. Але ў той самы момант, калі сямейныя адносіны далі расколіну, Вольга прыйшла да высновы: трэба мяняць сваё жыццё. Калі пачаліся цяжкасці ў адносінах з мужам, жанчына, каб хоць неяк адпачыць душою, бралася за кручок. Неяк выклала некалькі фотаздымкаў рэчаў у інтэрнэце. І, да свайго здзіўлення, сабрала мноства кампліментаў. Такі вынік падштурхнуў да новых пошукаў: хацелася знайсці што-небудзь вельмі незвычайнае — такое, што не зможа паўтарыць больш ніхто ў свеце. І справа знайшлася… Вольга пачала ствараць адзенне ў тэхніцы ірландскіх карункаў.

 

Сакрэты ўнутранай прыгажосці ад Вольгі Старасцінай

 

  • Трэба любіць тое, што робіш, і рабіць тое, што любіш.

  • Пазбаўцеся ад людзей, якія перашка-джаюць трымаць унутраную гармонію.

  • Не бойцеся змяняць сваё жыццё.

  • Набывайце толькі станоўчыя эмоцыі: менавіта яны зробяць ваша жыццё лепшым.

 

Аднак у поспех не верыла нават мама, казала: «Волечка, ну ты ж педагог, кручкі, нітачкі — гэта ж несур’ёзна». Але Старасціна разумела, што сумяшчаць школу і новае захапленне складана. Вырашыцца на сур’ёзны крок дапамог муж сястры Вікі — Руслан. Ён быў адзіны, хто паверыў і сказаў усёй сям’і: «Я бачыў, якую прыгажосць робіць Вольга. Упэўнены, у яе атрымаецца!» І ў 2013 годзе Вольга звольнілася са школы.

 

З тае пары прайшло чатыры гады, а з моманту захаплення — усе сем. За гэты час яе работы разляцеліся па свеце. Германія, Францыя, Латвія, Украіна, Казахстан, Арабскія Эміраты і амаль уся Расія — вось такая гісторыя з геаграфіяй. Сёння Вольга прымае заказы ажно на 2019 год. У творчым багажы Старасцінай каля 200 работ. У кожнай рэчы — свая гісторыя. Пра тую ці іншую сукенку ці кардыган можа дакладна сказаць, дзе яна знаходзіцца. І таму ёсць тлумачэнне: каб сплесці нават невялікую дэталь у тэхніцы ірландскіх карункаў, трэба не толькі шмат часу. Трэба ў кожную кветачку або лісток укласці часцінку сваёй душы. Зусім як у сваё дзіця.

 

Графік Вольгі распісаны па хвілінах, і амаль увесь час у ім аддадзены любімай справе. Вольга лічыць кожную хвілінку. Каб завітаць да нас у рэдакцыю, майстрыха не без шкадавання пакінула сваю любімую працу:

— Над стварэннем карункаў працую па 20 гадзін у суткі, — распавядае наша гераіня. — Хтосьці не паверыць, а хтосьці скажа: «Ну і працоўны дзень!» Але я ўпэўнена: паспяховай можа стаць толькі тая справа, якой ты з задавальненнем займалася суткамі напралёт, у якую ты ўлюбёная. А я да абранага занятку падыходжу яшчэ і з філасофіяй. А калі вяжу, няпростыя думкі, як нітачкі, складваюцца ў прыгожыя ўзоры… Але ведаеце, майстрыхай стаць нават і не марыла! Па натуры я непаседлівая, хуткая, эмацыйная. А вязаннем захапляліся мае бабулі, ну і я каля іх сяму-таму навучылася. Аднак ірландскія карункі — сапраўды вельмі складаная тэхніка. Яна адзіная, якую нельга паўтарыць на вязальнай машынцы. Плюс кожны выраб атрымліваецца сапраўды ўнікальным, яго немагчыма скапіраваць.

 

Усяму я вучылася сама. Спачатку знайшла інфармацыю ў інтэрнэце. Да таго ж бясконца чытала, разглядала карцінкі, спрабавала вывучыць тэхналогію. І літаральна захварэла на гэта. Канешне, спачатку і памылкі рабіла, пакуль не зразумела: калі бярэш таўсцейшую пражу — то і мадэлі атрымліваюцца не такія вытанчаныя. Прайшоў год — і сталі атрымлівацца першыя па-сапраўднаму прыгожыя рэчы. Як цяпер памятаю свой першы выраб — кофтачка, якую я прадала жанчыне на міжнароднай інтэрнэт-пляцоўцы «Кірмаш майстроў». Аднойчы на пляжы за мяжой да мяне падышоў ліванец і папрасіў прадаць сукенку, у якую я была апранута, для сваёй жонкі за любыя грошы. …На той час мы ўжо развяліся з  мужам.  Мне з  дзецьмі прыйшлося з’ехаць з сумеснага жылля. Родныя дапамаглі нам купіць дом. Самы светлы пакой у ім выдзеліла пад майстэрню. Спачатку быў толькі кручок і ніткі. Але і ніткі трэба няпростыя: італьянская, нямецкая, індыйская і егіпецкая бавоўна. Купляю іх праз інтэрнэт.

Я вязала суткі напралёт і чым больш паказвала людзям свае работы, тым больш пакупнікоў у мяне з’яўлялася. На сваю першую тысячу долараў звазіла дзяцей на мора. У лютым 2014 года са сваёй першай калекцыяй я паехала ў Маскву на выставу «Формула рукадзелля», і на працягу ўсіх пяці дзён паток людзей да майго стэнда не спыняўся. З часам кліентаў прыбаўлялася.

 

У развіццё сваёй справы я ўжо ўклала шмат грошай. Для пачатку аформілася рамеснікам. Потым зразумела: без спецыяльнага абсталявання мне не абысціся. Справа ў тым, што ў нас цікавасць да ірландскіх карункаў толькі зараджаецца, ды і каштуюць вырабы нятанна, таму асноўны кантынгент пакупнікоў — заможныя людзі. Але жывуць яны за мяжой і прыехаць на прымерку не могуць. І, каб сапраўды адгадаць з памерам, патрэбен быў рассоўны кравецкі манекен, на якім можна выстаўляць уручную ўсе параметры кліента. І манекен родныя падарылі мне на дзень нараджэння.

 

Я марыла ствараць вясельныя сукенкі, і мара збылася: зараз працую над адной такой рэччу. Самымі незвычайнымі маімі працамі былі сукенкі «Жар-птушка» і «Гжэль», якія па заказе  кліентак  я выконвала амаль два гады кожную.

 

Таму і вольнага часу ў мяне няма, усё прыходзіцца старанна планаваць. Але я ні пра што не шкадую. Адчуваю сябе цікавай, упэўненай, самадастатковай. Спа-дзяюся, у бліжэйшай будучыні адбу-дзецца мая стажыроўка ў майстроў ірландскіх карункаў Каралеўскага двара Вялікабрытаніі. У наступным годзе планую прадставіць свае работы на выставе карункаў у Галандыі, зарэгістраваць сваю гандлёвую марку ў Расіі, правесці выставу ў Маскве. У лістападзе запланавана правядзенне майстар-класа ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна. А з больш аддаленых планаў — адкрыццё школы ірландскіх карункаў у Беларусі і нават арт-салона ў Парыжы. Упэўнена, усё збудзецца. Калі чалавек дакладна ведае, чаго хоча, — ён знойдзе свой шлях. Да яго прыйдзе поспех.

 

У 2017 годзе Вольга Старасціна зарэгістравала гандлёвую марку «Ольга-Анастасия» і стала ўдзельніцай конкурсу «Этна арт- фэст»-2017 у Лондане.

— Анастасія — імя маёй дачкі, — тлумачыць жанчына. — Спадзяюся, што яна прадоўжыць маю справу. У свае восем гадоў дачушка ўжо цікавіцца ірландскімі карункамі і вучыцца сакрэтам гэтай тэхнікі.

 

Сваю справу Вольга пачынала сама. Зараз яна калі-нікалі карыстаецца дапамогай іншых майстрых: яе імя стала брэндам, павялічыўся аб’ём работы. Але канкурэнцыі Старасціна не баіцца: у кожнага творцы свой почырк, а яе майстэрства і якасць ужо добра вядомы.

 

Ірландскія карункі ў пытаннях і адказах

 

Што гэта такое? Гэта класіка па-за модай і па-за часам, рэч можа перадавацца ў спадчыну як сямейная рэліквія. Па сваёй прыгажосці і неверагоднай складанасці выканання ірландскія карункі падобны да вытанчанага мастацтва.

 

Як ствараюцца? Спачатку вяжуцца матывы расліннай тэматыкі (фрагменты карункаў) з тонкай баваўнянай ніткі, кручком нумар 0,8 – 1. Потым з гэтых матываў у адзінае цэлае вяжацца сетачка кручком нумар 0,35 са швейнай ніткай. Праца патрабуе пэўных навыкаў.

 

Чаму каштуюць дорага? Таму што мадэль ствараецца цалкам уручную і гэта вельмі карпатлівы працэс. І на адзін выраб трэба патраціць каля 3 месяцаў. У кожнага майстра свой кошт вырабаў, але ў сярэднім, калі паглядзець па рынку, цана на кардыганы і сукенкі можа даходзіць да 2 тысяч долараў. А, да прыкладу, вясельная сукенка ў некаторых майстроў можа каштаваць і ўсе 10 000.

 

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота з архіва Вольгі Старасцінай

Please reload

Избранные посты

Дух времени и роскоши

December 18, 2015

1/2
Please reload

Недавние посты